А. А. Седзін
Еўдакім Раманавіч Раманаў выдатны беларускі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст, краязнаўца, педагог (11.09.1855 г., мястэчка Нова-Беліца (у межах сучаснага Гомеля) Магілёўскай губерніі — 20.01.1922 г., Стаўрапаль). Е. Р. Раманаў — правадзейны член Рускага геаграфічнага таварыства (1886 г.), Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888 г.), Маскоўскага археалагічнага таварыства (1890 г., член-карэспандэнт з 1886 г.), Віцебскага статыстычнага камітэта (1891 г.). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870 г.), курсы настаўнікаў рускай мовы і гісторыі (1872 г.). Працаваў настаўнікам (1872 — 1886 гг.), інспектарам народных вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерній (1886 — 1906 гг.). Член Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі і музея (1906 — 1916 гг.). Рэдактар аддзела газеты «Могилевские губернские ведомости» (1897 — 1903 гг.). Загадчык секцыі археалогіі і этнаграфіі Паўночна-Заходняга аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (з 1910 г.).
Еўдакім Раманавіч Раманаў з`яўляецца асобай выдатнай і каларытнай. Ён — аўтар больш 200 навуковых прац па археалогіі, этнаграфіі, археаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова- і літаратуразнаўству, музеязнаўству. Апублікаваў больш 10 тысяч, сабраных ім, фальклорных твораў. Пачаў друкавацца з 1880 г. у газеце «Берег» (Санкт-Пецярбург). Сабраў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы для выдання 15 кніг «Беларускага зборніка». Пры жыцці выдаў 9 тамоў, 10-ты — выдадзены Інбелкультам, а наступныя 5 — страчаны ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі і пры іншых абставінах [2; 6, с. 73-74; 1, с. 145-148]. Праз усё жыццё пранёс думку аб самабытнай культуры беларускага народа, які мае права на самасцвярджэнне.
Найбольш плённым у творчай і навуковай дзейнасці Е. Р. Раманава быў Магілёўскі перыяд (1895 — 1906 гг.), калі ён служыў інспектарам народных вучылішчаў Магілёўскай губерніі і на працягу 6 год (1897 — 1903 гг.) быў рэдактарам неафіцыйнай часткі газеты «Могилевские губернские ведомости». Менавіта ў гэтыя гады быў зроблены велізарны ўнёсак у справу вывучэння і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Падняпроўя. У 1900 — 1903 гг. Е. Р. Раманаў выдаў 3 зборнікі «Магілёўскай даўніны» — першага перыядычнага навуковага выдання Магілёўшчыны. За гэты час было надрукавана звыш 100 розных матэрыялаў і даследаванняў. Вучоны ператварыў «Могилевские губернские ведомости» у сродак распаўсюджвання ведаў па этнаграфічнаму, гістарычнаму, археалагічнаму і геаграфічнаму вывучэнню Беларусі. Газету ён бачыў органам мясцовага жыцця, якое неабходна імкнуцца паказаць у багатым мінулым і сучасным [2, с. 118]. У гэты час выйшла звыш 10 публікацый па археалогіі і нумізматычных знаходках (каля 50 навуковых прац Е. Р. Раманава, выдадзеных у розныя гады, прысвечана археалогіі).
Е. Р. Раманаў праводзіў вялікую работу па калекцыяніраванню археалагічных знаходак. Пры гэтым нярэдка ўзнікалі складанасці. «Народ наогул даражыць прыладамі, лічачы іх перуновымі стрэламі, ледзь не святымі, і ва ўсякім выпадку валодаючымі лекавымі сіламі, і здабыванне іх звязана з вялікімі цяжкасцямі. Мне, напр., нярэдка не прадаваліся звычайныя рубілы за 15 р., г. зн. за цану беларускага коніка на падставе такой логікі, што конь можа здохнуць, а ў страле заключаецца, магчыма, «шчасце дома» [9, с. 156-157]. У 1891 г. калекцыя прадметаў каменнага веку, сабраных вучоным, налічвала 585 адз., а ў 1896 г. — 800 адз. У 1893 г. Е. Р. Раманаў прыняў удзел у рабоце ІХ Археалагічнага з`езда ў Вільні і археалагічнай выстаўцы, дзе ён прадставіў да экспанавання з уласнай калекцыі толькі каменных сякер 500 адз. Да 1906 г. сабраў новую калекцыю археалагічных старажытнасцей колькасцю больш за 1500 адз., якую набыў Віленскі музей. Свае калекцыі Е. Р. Раманаў сістэматычна перадаваў розным музеям [2, с. 169-172].
І. А. Сербавым каля в. Хоцішча (наваколле Прапойска) у 1912 г. быў выяўлены культурны пласт цёмнай афарбоўкі таўшчынёй да 1 м., а на паверхні знойдзены: «24 янтарныя, рознай велічыні (ад самых малых да невялікага яйца) і формы (у тым ліку і 8 грушападобных) пацерак і 10 пацерак шкляных, сініх і чырвоных бочкападобнай формы, 3 бронзавыя вітыя пярсцёнкі, 7 бронзавых вітых і масыўных (з патоўшчанымі канцамі...) бранзалетаў, 2 бронзавыя грыўны з прывескамі, 9 бронзавых фібул, 3 бронзавыя з пазалотай бляшкі з птушынымі галоўкамі і выпуклай фігуркай чалавека...». Сабраную калекцыю І. А. Сербаў у 1913 г. перадаў Е. Р. Раманаву «з умовай апрацаваць яе і перадаць у Віленскі музей. Але калекцыя, на жаль, Раманавым прадана за мяжу мюнхенскім ці кёнігсбергскім антыкварам» [14, с. 240]. Гэтыя вельмі каштоўныя матырыялы не былі апублікаваны і іх далейшы лёс нам невядомы. Аднак апісанне такіх рэчаў, як «бляшкі з птушынымі галоўкамі» і больш познія знаходкі з Хоцішча дазваляюць датаваць іх 6 ст. [13, с. 12-13].
Е. Р. Раманаў з`яўляецца стваральнікам Віцебскага, Магілёўскага і Віленскага царкоўна-археалагічных музеяў, якім была перададзена значная частка археалагічных прадметаў з уласнай калекцыі [4, с. 222]. Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей быў створаны ў 1897 г. і існаваў да 1918 г. [4, с. 224 −229]. З 1904 г. музей размяшчаўся ў будынку былога бернардзінскага кляштара. Яго экспазіцыя займала тры пакоі і мела плошчу 140 кв. м. У музеі захоўвалася больш за 6 тысяч экспанатаў, атрыманых у асноўным з рызніц царкоўных кладовак, з археалагічных раскопак, у т. л. з раскопак праведзеных Е. Р. Раманавым (каменныя і жалезныя прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, розныя ўпрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў — абразы 16 — 18 ст. маскоўскага, смаленскага, стараабраднага, магілёўскага пісьма (на палатне, дошках выразаныя з дрэва, медзі, свінцу), некаторыя з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А Воўчака і П. Сліжыка, калекцыя крыжоў у асноўным 18 ст., шытая шоўкам і золатам плашчаніца (1566 г.), сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Георгія Каніскага (1758 г.), часткі іканастасаў, царскія вароты, скульптурныя выявы святых і інш. У бібліятэчным аддзеле захоўваліся мінея, выдадзеная ў Кракаве ў 1490-я гг., шматлікія богаслужэбныя кнігі 16 — 18 ст. У архіве музея было больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., у т. л. грамата на магдэбургскае права Магілёву (1577 г.), інвентары горада, замка, воласці (1604 г.) і інш. Да 1906 г. музей узначальваў Е. Р. Раманаў, затым — П. Я. Строганаў, выкладчык царкоўнай гісторыі Магілёўскай духоўнай семінарыі, пост галоўнага захавальніка займаў В. В. Добраслаўскі, сапраўдны член імператарскага археалагічнага інстытута. У 1918 г. Магілёўскі царкоўна-археалагічны музей быў аб`яднаны з Магілёўскім музеем, створаным у 1867 г. пры губернскім статыстычным камітэце, пераемнікам з 1919 г. з`яўляецца Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.
Е. Р. Раманаў даследаваў шматлікія археалагічныя помнікі Падняпроўя, Пасожжа, Падзвіння. Значнай працай было вывучэнне Люцынскага могільніка. Вучоны адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень каля в. Высокі Гарадзец у наваколлі Талачына. Правёў археалагічнае вывучэнне Магілёўскага замчышча. У межах сучаснага Магілёва, на правым беразе Дняпра ва ўрочышчы Гарадшчызна выявіў і даследаваў комплекс паселішчаў эпох мезаліту і неаліту, а таксама часоў ранняга жалезнага веку і Старажытнай Русі. У наваколлі Магілёва вывучаў гарадзішчы каля Буйніч і Дашкаўкі. На першым — былі знойдзены вуголле, абпаленыя камяні, керамічны посуд, косткі жывёл, нож «курганнага тыпу» і жалезныя цуглі [12, с. 37]. Сабраў звесткі больш чым аб 1000 гарадзішчах на тэрыторыі Беларусі. Е. Р. Раманаў правёў раскопкі курганоў у Новым Быхаве, Брусневічах, Лучыне, Закур`і, Чэрцах, даследаванні ў Радамлі, Лукомлі і інш. У ходзе раскопак курганоў каля Гразіўца вывучаў дэталі пахавання па абраду трупаспалення [10, с. 124-127; 12, с. 61-63]. Удасканаліў методыку раскопак курганных пахаванняў, выступаў супраць знішчэння помнікаў старажытнасці, праводзіў антрапалагічныя даследаванні. Вучоны вывучаў шматлікія помнікі каменнага і бронзавага вякоў. Зрабіў першую на Беларусі класіфікацыю прылад каменнага веку. Ведаў Бердыжскую палеалітычную стаянку. З`яўляецца аўтарам першага падручніка па беларускай археалогіі [11, с. 69-110].
Е. Р. Раманаў даследаваў і старажытнасці сярэдзіны — трэцяй чвэрці І тыс. н. э. Каля Новага Быхава адкрыў першы на Беларусі могільнік калочынскага тыпу. На гарадзішчы «Змяёўка» у Магілёве, на якім ёсць пласт трэцяй чвэрці І тыс. н. э., даследчыкам былі знойдзены косткі жывёл, рыб`я луска, вуголле, фрагменты неарнаментаванага керамічнага посуду з утрыманнем кварцу [12, с. 35, 37-38].
Е. Р. Раманаў працаваў над стварэннем археалагічных карт Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерній. Матэрыялы да археалагічнай карты Магілёўскай губерніі былі выяўлены Г. А. Каханоўскім у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны у Львове. Рукапіс знаходзіўся на завяршальнай стадыі падрыхтоўкі. У тлумачальнай запісцы аўтар паведамляе як збіраліся звесткі. [3; 5, с. 219-221]. Матэрыялы да археалагічнай карты Магілёўскай губерніі выдадзены ў наш час [7]. Першая археалагічная карта Магілёўшчыны і сабраныя Е. Р. Раманавым матэрыялы не страцілі свайго навуковага значэння.
За свой творчы шлях Е. Р. Раманаву удалося зрабіць шмат. Але пры больш спрыяльных жыццёвых і службовых умовах ён бы зрабіў яшчэ болей. Фармальныя абставіны — адсутнасць дыплома аб вышэйшай адукацыі былі прычынай адмаўляць яму ў службовым павышэнні [1, с. 147]. Археалагічным даследаванням вучонага чыніліся перашкоды збоку чыноўнікаў, у прыватнасці магілёўскага губернатара А. С. Дэмбавецкага, які забараніў Е. Р. Раманаву праводзіць раскопкі на грамадскіх землях [2, с. 106]. Падзеі Першай сусветнай вайны, хваробы, звальненне са службы, цяжкае матэрыяльнае становішча, голад не далі вучонаму магчымасці здзейсніць усе намечаныя ім планы.
У 2015 г. спаўняецца 160 год з дня нараджэння Еўдакіма Раманавіча Раманава. Яго навуковыя дасягненні і заслугі яшчэ пры жыцці неаднаразова адзначаліся высокімі ўзнагародамі — залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства, вялікім сярэбраным — Маскоўскага таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі, імянным сярэбраным жэтонам і іншымі узнагародамі.
На Магілёўшчыне жыве памяць аб Е. Р. Раманаве. У 1990-я гг. існавала краязнаўчае таварыства імя Е. Р. Раманава. 27 лютага 2002 г. Свята-Петра-Паўлаўскі храм-помнік (в. Лясная, Слаўгарадскага раёна) з нагоды 80-годдзя з дня смерці і памяці Е. Р. Раманава правёў Ляснянскія краязнаўчыя чытанні з удзелам царкоўных і свецкіх гісторыкаў. Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А. А. Куляшова, пачынаючы з 2004 г., правёў десяць міжнародных навуковых канферэнцый «Раманаўскія чытанні».
Установа культуры «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей» з 14 ліпеня 2005 г. носіць імя Еўдакіма Раманавіча Раманава [8]. На будынку музея устаноўлена і 11 лістапада 2005 г. урачыста адкрыта мемарыяльная дошка з выявай барэльефа Е. Р. Раманава (аўтар: А. А. Вараб`ёў). У мерапрыемствах, прысвечаных адкрыццю дошкі, прынялі ўдзел кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры, супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея і іншых музейных устаноў, гісторыкі і краязнаўцы, удзельнікі міжнароднай навуковай канферэнцыі «Раманаўскія чытанні ІІ», якая ў гэты час была арганізавана Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А. А. Куляшова сумесна з Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Е. Р. Раманава, выкладчыкі і студэнты гістарычнага факультэта універсітэта.
Заслугі Е. Р. Раманава цяжка пераацаніць. Займаючы сціплы пост інспектара народных вучылішчаў ён дасягнуў выдатных поспехаў як вучоны і грамадскі дзеяч. Сярод сучаснікаў цяжка знайсці асобу больш значную па шматграннасці і размаху навуковай дзейнасці. Сабраны Еўдакімам Раманавічам Раманавым каласальны матэрыял па разнастайных гуманітарных навуках і па сёняшні дзень мае вялікае навуковае значэнне і нягледзячы на тое, што да яго пастаянна звярталіся і сучаснікі, і паслядоўнікі, чакае свайго глыбокага вывучэння і асэнсавання.
Літаратура
1. Алексеев, Л. В. Евдоким Романович Романов (1855 — 1922 гг.) / Л. В. Алексеев // Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е годы XX в. — Минск: Белорусская наука, 1996. — С. 145-148.
2. Бандарчык, В. К. Еўдакім Раманавіч Раманаў : Жыццё і навуковая дзейнасць / В. К. Бандарчык. — Мінск, 1961. — 305 с.
3. Записки Е. Р. Романова по исследованию этнографии, топонимики и археологии на территории Могилевской губернии // Центральный государственный исторический архив Украины во Львове. — Ф. № 201. — Оп. 4 б. — Д. 228.
4. Историко-археологические музеи С.-З. Края // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества. — Вильно, 1910. — Кн. 1. — С. 222-236.
5. Каханоўскі, Г. Львоўскае рэха / Г. Каханоўскі // Полымя. — 1971. — № ХІ. — С. 214-225.
6. Каханоўскі, Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVI — XIX стст. / Г. А. Каханоўскі. — Мінск, 1984. — 120 с.
7. Марзалюк, І. А. Невядомая спадчына Еўдакіма Раманава. Матэрыялы да археалагічнай карты Магілёўскай губерніі: Археаграфічны зборнік / І. А. Марзалюк. — Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2001. — 60 с.
8. Об увековечивании памяти Е. Р. Романова. Решение Могилевского облисполкома. — № 15 — 19 от 14 июля 2005 г.
9. Романов, Е. Р. Белорусский сборник / Е. Р. Романов. — Витебск, 1891. — 228 с.
10. Романов, Е. Р. Две археологические разведки / Е. Р. Романов // Могилевская старина. — Могилев, 1903. — Вып. ІІІ. — С.124-127.
11. Романов, Е. Р. Старина доисторическая Северо-Западного края / Е. Р. Романов // Виленский календарь на 1908 г. — Вильно, 1908. — С. 69-110.
12. Романов, Е. Р. Археологические разведки в Могилевской губернии / Е. Р. Романов // Записки Северо-Западного отделения Русского географического общества. — Вильно, 1912. Кн. 3. — С. 33-63.
13. Седзін, А. А. Да гісторыі даследавання помнікаў сярэдзіны — трэцяй чвэрці І тысячагоддзя н. э. У міжрэччы Верхняга Сожа і Дняпра і сумежных тэрыторый / А. А. Седзін // Дняпроўскі край. Паведамленні абласной краязнаўчай канферэнцыі — 23 красавіка 1992 г. — Магілёў, 1993. — С. 9-18.
14. Сербаў, I. А. Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясці ў былой Магілёўшчыне / І. А. Сербаў // Працы секцыі археалогіі. Мн., 1932. — Т. 3. — С. 240-241.