Заказаць экскурсію: +375 222 64-10-14, 65-42-81

Могилевский областной краеведческий музей имени Е.Р. Романова


Падняпроўскі шлях прывядзе Вас, шаноўны наведвальнік, у Магілёў — цэнтр губерніі.

У канцы ХІХ стагоддзя гэта ціхі правінцыяльны горад, у якім пражывала крыху болей за 40 тысяч чалавек розных саслоўяў і веравызнання.

Вы прыбываеце ў горад з поўдня праз Чарнігаўскую браму і на мосце Вас сустракае гарадавы. Па Дняпроўскаму спуску Вы накіроўваецеся да гарадской ратушы, з вежы якой можна ўбачыць горад з «вышыні птушынага палёту».

Вас уражвае бляск царкоўных купалоў і вышыня калакольняў. Вы гуляеце па галоўных магілёўскіх вуліцах — Дняпроўскаму праспекту і Вялікай Садовай, маеце магчымасць зазірнуць у лаўку купца, вітрыну кніжнага магазіна і фотаатэлье. Абавязкова спыніцеся каля афішнай тумбы: тут пра горад і яго жыхароў можна даведацца шмат — хто што вырабляе, прадае і купляе; якія кватэры здаюцца ў найм; якую п’есу даюць у тэатры; якое віно карыснае для здароўя; можна даведацца пра расклад руху дыліжансаў і параходаў; свае паслугі прапаноўваюць гувернанткі, цырульнікі і дантысты.

Насупраць тумбы на ганку — мяшчанка-малочніца. Яна прадала свой тавар і спяшаецца дахаты. Пакрочым за ёй і апынемся ў пакоі мяшчанскага дома, утульна абстаўленага мэбляй мясцовых майстроў. У куце — абразы з лампадкай. Самавар з кубкамі на стале запрашае на чай.

А вось расчыніліся дзверы дваранскага дома і Вы ўваходзіце ў гасціную. Рознастылёвая мэбля, багатыя шторы на вокнах, камін з люстэркам і гадзіннікам, фартэпіяна, карціны ў багатых рамах, мноства забавак — перад Вамі тыповы інтэр’ер багатага дома ў правінцыяльным Магілёве. Вы можаце зазірнуць у кабінет гаспадара, дзе ўсё гаворыць пра яго заняткі і густы — ад масіўнага буфета з разьбой на тэму палявання да барометра.

У наступнай зале Вы станеце сведкам унікальных падзей, пазнаёміцеся з выдатнымі асобамі, звязанымі з ваенным мінулым Магілёўскага краю: Шклоўскае высакароднае вучылішча, заснаванае Зорычам; першыя ваенныя пасяленні.

Двойчы горад становіцца ваенным цэнтрам Расійскай імперыі — у 1816-1829 гг. тут знаходзілася кватэра 1-ай рускай арміі; у 1915-1917 гг. — Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Бачыў горад і цароў, і выдатных палкаводцаў, і першых рускіх рэвалюцыянераў — дзекабрыстаў.

Важная старонка жыцця горада — гісторыя яго канфесій. Каменны вянок утвараюць у архітэктурным абліччы горада культавыя пабудовы розных канфесій. Праваслаўныя цэрквы захавалі свой выгляд з ХVІІ стагоддзя; побач з імі ў той жа час выраслі будынкі каталіцкіх касцёлаў; габрэйскія сінагогі мала выдзяляліся з жылой забудовы горада. Як і архітэктурныя помнікі, у зале побач размешчаны праваслаўныя абразы беларускага пісьма, каталіцкая скульптура, літыя абразы старавераў, іудзейскія роспісы і кнігі.

Усё, што Вы ўбачылі ў музеі, — гэта наша гісторыя. Вы дакрануліся да яе. Гісторыя ў музеі не памірае, гісторыя ў музеі адраджаецца і жыве.

 

Адрас: 212030 г. Магілёў, пл. Славы, 1

Тэлефоны:
+375 222 64-10-14 (замова экскурсій)
+375 222 64-14-50 (каса)
+375 222 64-01-20 (прыёмная)

Электронная пошта: kraimog@mogilevmuseum.by

Время работы:
10:00–18:00
Выходнай:
панядзелак (пл. Славы, 1)
серада (вул. Першамайская, 8)